НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.

У складзе Архангельскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 15.7.1929 як Ненецкая нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Размешчана на крайнім ПнУ еўрап. ч. Расіі. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца за Паўн. палярным кругам. Абмываецца водамі Белага, Баранцава і Карскага мораў. Уключае а-вы Калгуеў і Вайгач. Пл. 176,7 тыс. км2. Нас. 46 тыс. чал. (1997), гарадскога 61%. Цэнтр — г. Нар’ян-Мар. Гар. пасёлкі: Амдэрма, Іскацеляў (гл. карту да арт. Архангельская вобласць).

Паверхня нізінная з невял. павышэннямі. На Пн Малазямельская тундра, з Пн на Пд цягнецца Ціманскі краж, на У Вяліказямельская тундра і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Карысныя выкапні: нафта, газ, торф, флюарыт, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат субарктычны з доўгай халоднай зімой і кароткім летам. Сярэднія т-ры студз. ад -12 °C на ПдЗ да -22 °C на ПнУ, ліп. ад 6 °C на Пн да 13 °C на Пд. Ападкаў 250—400 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Асн. рака — Пячора. Шмат невял. рэк і азёр. Глебы тундрава-глеевыя і тарфяна-глеевыя. Пераважае расліннасць хмызнякова-мохавай і травяна-мохавай тундры. На Пд і ПдЗ — лесатундра з ялова-бярозавымі рэдкалессямі.

Асн. галіны — аленегадоўля, рыбалоўства, паляванне; клетачная зверагадоўля (блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, норка). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць бульбу, агародніну, турнэпс. Вядучыя галіны прам-сці — лесапілаванне (драўніна з леспрамгасаў Рэспублікі Комі) і харч. (рыбакансервавая, мясная, масларобная). Здабыча нафты. Вытв-сць сувеніраў з футра, скуры і сукна. Суднаходства па р. Пячора. Важнае значэнне мае Паўночны марскі шлях. Марскія парты: Нар’ян-Мар і Амдэрма. Аэрапорт у г. Нар’ян-Мар. Газаправод Васілкава—Нар’ян-Мар.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)